Лета – цудоўная пара не толькі для дзіцячага адпачынку (на моры, дачы ці ў школьным лагеры), але і для пазнання свету. Як ператварыць летняе чытанне ў цікавы і карысны занятак для дзяцей? Важна сарыентаваць малодшых школьнікаў на літаратуру з вялікім выхаваўчым і пазнаваўчым патэнцыялам.
Зборнік “Беларускія народныя казкі” садзейнічае захаванню і перадачы асноў традыцыйнай беларускай культуры новаму пакаленню. Творы беларускага фальклору будуць карысныя і пры падрыхтоўцы да школы, і для чытання падчас заняткаў.
Асновы маральных каштоўнасцей дапаможа сфарміраваць у дзяцей кніга “Сем гісторый пра Воўка і Вожыка”. Павучальныя казкі з дынамічным сюжэтам, вясёлымі персанажамі спадабаюцца малодшым школьнікам. Гісторыі распавядаюць пра розныя выпадкі з жыцця звычайных дзяцей, вучаць дабрыні, спагадлівасці і павазе да старэйшых.
Вельмі важна закласці паняцце пра сяброўства з дзіцячага ўзросту. Правілы паводзінаў, апісаныя ў аповесцях-казках кнігі “Металічны чалавек”, дапамогуць дзіцяці без цяжкасцей заводзіць новыя знаёмства і добра адчуваць сябе ў любым калектыве. Казкі распавядаюць пра незвычайныя прыгоды Робата з добрым сэрцам, які шукаў сабе сяброў і знаходзіў выйсце з любых абставінаў, не губляючы сваёй дабрыні.
Якое ж лета без прыгод? Галоўныя героі аповесці-казкі “Приключения агентов КолбаФирЖик” – каты Колбас і Кефір – ператвораць звычайнае чытанне ў сапраўдную прыгоду. Кожнае дзіця адчуе сябе ўдзельнікам неверагодных здарэнняў. Ад персанажаў, якія дапамагаюць жывёлам і людзям, што трапілі ў бяду, чытач навучыцца кемлівасці, храбрасці, сумленнасці і дабрыні.