Хто такі Вухуцік, Ліловы Цмок, Змрочны Птах, кікімара Кікі? Дзе жыве Прывід з хутара і якія прыгоды стварае разам з сябрамі ў Дзівосным лесе Лісачка Красуня – пра ўсё гэта даведаліся юныя чытачы бібліятэкі, вучні і настаўнікі Вялікаўхалодскай сярэдняй школы падчас сустрэчы з Казачнай Феяй, беларускай пісьменніцай Кацярынай Хадасевіч-Лісавой.
6 красавіка ў актавай зале нашай школы мы віталі сталічную госцю, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі, члена рэдкалегіі часопіса “Вясёлка” Кацярыну Станіславаўну Хадасевіч-Лісавую. Дзеці і дарослыя з вялікай увагай і задавальненнем слухалі пісьменніцу, а усё таму, што яна не проста знаёміла прысутных са зместам сваіх кніг, але прапаноўвала дзецям гульнявыя моманты: прайсці па GR-коду і паглядзець кароткія буктрэйлеры, створаныя па яе кнігах, паўдзельнічаць у квэстах, зладзіць вандрульні і гульні, зрабіць сэлфі з кнігай і адправіць у Інстаграм, каб трымаць паштоўку ад аўтара, ці ад каго-небудзь з яе літаратурных герояў. Спалучаючы ў сваім выступленні знаёмства са зместам кніг і дэманстрацыю лялек, створаных па некаторых з іх, пісьменніца выклікала ў дзяцей сапраўднае захапленне яе творамі! Героі Казачнай Феі жывуць на планеце Вухуція, ў Дзівосным лесе, на Зачараваным балоце, у Грыбным каралеўстве, у палацах, у Падзямельных царствах і, нават, у школе.
Бібліятэкары падрыхтавалі
да мерапрыемства разгорнутую кніжную выставу твораў
пісьменніцы, публікацый у зборніках і перыядычных выданнях. Кацярына
Станіславаўна была прыемна ўражана колькасцю яе кніг у нашай сельскай бібліятэцы
і тым, што яны карыстаюцца попытам у чытачоў. У знак падзякі яна пакінула на
кожнай са сваіх кніг, якія ёсць у нашай бібліятэцы асабісты памятны экслібрыс.
Спадзяёмся, што прыхільнікаў творчасці маладой і абаяльнай беларускай
пісьменніцы стане намнога больш пасля гэтай сустрэчы, аб чым сведчыць яе допіс у
Інстаграме: ”Мне здавалася, што я не ўпершыню ў мястэчку з прыгожай назвай
“Вялікая Ухалода”, было адчуванне, што вакол знаёмыя людзі. Такую атмасферу
стварылі шчырасць і гасціннасць людзей, якія тут жывуць і працуюць. У вас было
цудоўна! Дзякую!”.
Прыемным сюрпрызам для
нашай госці стала выступленне танцавальнага калектыву пад кіраўніцтвам
настаўніка М.Мошчынай з танцам “Дзяцінства”.
Напрыканцы сустрэчы, як і
заўсёды - фотозона, фотосесія і набыццё кніг з аўтографам пісьменніка. А мы чакаем
нашых чытачоў каб зрабіць сэлфі у фотазоне “Дзівосны лес” з кнігамі Кацярыны
Хадасевіч-Лісавой.
Комментариев нет:
Отправить комментарий